Месца — Гвінейскі заліў, які абмывае ўзбярэжжа Афрыкі, прыкладна за 32 кіламетры ад берага Нігерыі. Час — 4:50 раніцы, нядзеля, 26 траўня 2013 года. Тры буксіры вядуць нафтавы танкер амерыканскай кампаніі Chevron. Іх мэта — у выніку стабілізаваць танкер на платформе. Але пачынаецца шторм, адзін з буксіраў перакульваецца і тоне на глыбіні 30 метраў. З усёй яго каманды толькі кок, 29-гадовы нігерыец Харысан Акене, ратуецца ў паветранай бурбалцы, дзе прабудзе 62 жудасныя гадзіны. Расказваем пра гэтую неверагодную гісторыю са шчаслівым фіналам для адзінага выжылага.
На дно
Харысан Акене нарадзіўся ў вялікай сям'і: у яго было дзевяць сясцёр і чатыры браты. З дзяцінства ён вельмі любіў гатаваць і смачна паесці. А таму, не знайшоўшы іншай цікавай працы, стаў кухарам, а з 2010-га — кокам на караблях. Разам са сваёй жонкай ён жыў у сціплай двухпакаёвай кватэры ў горадзе Вары. Гэта найбуйнейшы горад нігерыйскага штата Дэльта — цэнтра нафтавай прамысловасці гэтай краіны.
У тым травеньскім рэйсе на буксіры Jascon 4 Харысана быць не мусіла: ён збіраўся ў адпачынак, днямі яны з жонкай меліся адзначыць пяцігоддзе вяселля. Але яго калега сказаў, што кепска сябе адчувае, таму Акене пагадзіўся замяніць яго на тыдзень. Jascon 4 належаў West Africa Ventures (WAV) — нігерыйскай даччынай кампаніі нідэрландскага марскога падрадчыка Sea Truck Group. Менавіта на WAV працавалі каманды ўсіх трох буксіраў, нанятых амерыканцамі з Chevron, каб працягнуць іх танкер.

У нядзелю Акене, як заўсёды, устаў рана — каля 4 раніцы, каб прыгатаваць сняданак для ўсёй каманды з 12 чалавек. Акрамя яго гэта былі 10 нігерыйцаў і ўкраінскі капітан. У той дзень рэлігійны кок, як звычайна, памаліўся. Потым ён у адных майтках пайшоў на кухню, уключыў пліту разагравацца і перамясціўся ў ванны пакой. Там чацвёра яго калег чысцілі зубы. Месца ля ракавіны не было, таму Харысан перайшоў у прыбіральню. Ён быў ужо ўвесь у думках пра адпачынак, бо праз тры дні прыхварэлы калега мусіў вярнуцца на працу.
Раптоўна пачаўся шторм. У буксір ударыла хваля. Jascon 4 нахіліўся, а потым перакуліўся.
«Унітаз упаў мне на галаву, на мяне пачалі валіцца рэчы», — расказваў потым кок. Ён ледзь паспеў убачыць, як з раны на галаве лінула кроў, як згасла святло. «Я быў ашаломлены, вакол было цёмна, мяне кідала з аднаго канца маленькай кабінкі ў іншы», — успамінаў ён. Незадоўга да гэтага Харысану прысніўся сон, што яго судна перакулілася, людзі загінулі, а ён захрас у ім. Таму і цяпер марак спачатку падумаў, што катастрофа яму толькі сніцца.
Але памяшканне пачало запаўняцца вадой. Нарэшце ў непрагляднай цемры Акене змог навобмацак адчыніць металічныя дзверы прыбіральні і стаў шукаць выхад. Ён пераплываў з аднаго памяшкання ў іншае — у буксіры ўжо была вада. У калідоры Харысан убачыў некалькіх калегаў, якія спрабавалі адкрыць люк, каб выбрацца на волю. Хутчэй за ўсё, гэта былі тыя, хто ўжо прачнуўся і чысціў зубы. Астатнія загінулі проста ў сваіх каютах, дзе ў момант патаплення спалі, замкнуўшы дзверы на выпадак нападу піратаў.
Насуперак логіцы і інстынкту самазахавання кок паплыў не да выхаду, а ў адваротны бок. Плынню яго зацягнула ў іншую прыбіральню, і дзверы за ім зачыніліся. Буксір тым часам канчаткова затануў уверх дном.

Выратавальная кішэнь
Акене пашанцавала: дзверы прыбіральні былі воданепранікальнымі. Узровень вады ў памяшканні падняўся, але яно так і не запоўнілася цалкам. У ім утварылася невялікая паветраная кішэнь. Прыціскаючыся да дна ракавіны, Харысан мог дыхаць, трымаючы галаву пад столлю, якая на самай справе была падлогай.
Мужчына чуў крыкі калег, іх маленні да Бога пра дапамогу. «Пад вадой было вельмі, вельмі холадна», — успамінаў ён. У той час Акене яшчэ лічыў, што люк, ад якога ён адплыў, — самы слушны шлях на волю. Спрабуючы выйсці з прыбіральні, ён зламаў ручку дзвярэй, але не дазволіў сабе запанікаваць. Заўважыўшы вентыляцыйныя краты, кок выламаў іх і выкарыстаў кавалак сталі, каб адчыніць дзверы. Пакуль ён спрабаваў гэта зрабіць, крыкі калег сціхлі. Гарысан дапусціў, што тыя здолелі выратавацца.
Выбраўшыся, Акене трапіў у суседнюю каюту, дзе знайшоў два ліхтарыкі. Ён сунуў адзін у рот, другі — у майткі і зноў паплыў да люка. Аднак у яго не хапала дыхання, а паветранай кішэні там не было, таму яму давялося вярнуцца ў выратавальнае сховішча.
Пакапаўшыся ў торбах, што там віселі, ён знайшоў бляшанку сардзін і бляшанку колы (гэта былі яго ежа і пітво на ўвесь час палону) і некалькі свабодных камбінезонаў. Ён змог адарваць часткі апошніх і зрабіць вяроўку, адзін канец якой прывязаў да дзвярэй каюты, другі — да люка. Дзякуючы гэтаму ён не пакідаў спробаў вырвацца на волю і пры гэтым мог вярнуцца назад. Такія «падарожжы» туды-назад ён здзейсніў больш за 10 разоў. Урэшце ён так і не змог адкрыць люк і перастаў выходзіць з паветранай кішэні, тым больш што ўзровень вады там патроху прыбываў.
Вада не запоўніла паветранай кішэні адразу, калі кок адчыніў дзверы прыбіральні, відаць, таму, што буксір ужо затануў, ціск вады стабілізаваўся, і яна не магла адразу выцесніць паветра, якому не было куды сысці. Але, відаць, былі нейкія невялікія шчыліны, менавіта таму паветраная кішэнь павольна, але змяншалася.
У цемры пад вадой
Чакаць дапамогі не было адкуль. Jascon 4 ляжаў на марскім дне кілем уверх на глыбіні каля 30 метраў. Харысан быў у халоднай вадзе без тэрмакасцюма, у адных майтках. Знойдзеныя ім ліхтарыкі адмовілі менш чым праз суткі.
Паветраная кішэнь у прыбіральні мела вышыню ўсяго каля 1,2 метра. Чалавек удыхае прыкладна 10 кубічных метраў паветра кожныя суткі. Як Акене змог выжыць? Паводле ацэнак фізіка і аматара падводнага плавання Максіма Уманскага, паколькі мужчына знаходзіўся пад ціскам на дне акіяна, паветраная кішэнь была сціснутая, паветра — таксама. Кіслароду было дастаткова, каб падтрымліваць жыццё чалавека прыкладна два з паловай дні, або 60 гадзін. Аднак калі Харысан дыхаў, то выдыхаў вуглякіслы газ. Пры канцэнтрацыі каля 5% ён смяротны для чалавека. Але вуглякіслы газ таксама паглынаецца вадой. Дзякуючы таму, што яна была ў памяшканні, узровень газу доўгі час захоўваўся ніжэй за крытычны.

Была яшчэ адна небяспека — пераахаладжэнне. Мужчына мог памерці ад ледзяной акіянскай вады праз некалькіх гадзін. Аднак Акене дапамагла кемлівасць. Ён адарваў ад столі драўляныя панэлі, звязаў іх у невялікі плыт і залез на яго, у вадзе засталіся толькі яго ногі. Гэта дапамагло яму выжыць.
«Вакол мяне былі толькі чарната і шум. Я плакаў і звяртаўся да Ісуса, каб ён выратаваў мяне. Я так старанна маліўся. Я быў такі галодны, адчуваў смагу і замёрз, я проста маліўся, каб убачыць нейкае святло, — успамінаў ён. — Я думаў пра сваю сям’ю, пра сваю жонку, пра тое, што будзе далей, як яна будзе жыць, як мне выбрацца, думаў і пра сваё жыццё».
У бесперапынных малітвах прайшлі першыя два дні. У нейкі момант марак пачуў, што ў карабель праніклі рыбы і пачалі выдаваць нейкія гукі. Ці то яны біліся паміж сабой, ці то елі мерцвякоў — яго былых калег… Харысан вырашыў не здавацца без бою: ён намацаў у цемры дошку і вырашыў адбівацца ёю. Але пашанцавала: да яго памяшкання рыбы так і не дабраліся.
Да гэтага кок лічыў, што ўсе яго калегі выратаваліся. Але пасля дзіўных рыбіных гукаў пачаў здагадвацца, што некаторыя з іх плаваюць мёртвымі ў суседніх каютах. Ён яшчэ не ведаў, што загінулі ўсе, акрамя яго.
На трэці дзень Акене змірыўся з непазбежнасцю смерці.
«Я адчуваў, што побач знаходзяцца мёртвыя целы чальцоў маёй каманды. Я адчуваў іх пах», — казаў ён.
Пасля некалькіх дзён знаходжання ў салёнай вадзе Харысан задыхаўся ад смагі. Яго скура пачала адслойвацца. Ракі пажыралі яго цела, кусаючы за ногі. Ён ляжаў у поўнай цемры і думаў, што гэта канец.

Цудоўнае выратаванне
28 траўня, калі Харысан ужо страціў надзею, ён раптам пачуў шум. Спярша гэта быў матор лодкі, потым — удары малатка ў борт судна.
Неўзабаве з’явіліся агні — першае святло ў цемры. Гэта былі вадалазы, якія працавалі на нідэрландскую фірму DCN Diving. Уладальнік буксіраў кампанія WAV наняла іх ужо не для выратавання сваіх работнікаў, а для пошуку іх трупаў, бо на час прыбыцця дайвераў на месца крушэння (а плыць ім было 17 гадзін) ніхто ўжо не спадзяваўся заспець каманду жывой. Чаму выратавальная аперацыя не пачалася раней? У момант катастрофы нігерыйскія ратавальнікі атрымалі сігнал бедства, аднак праз шторм і хуткае апусканне буксіра не было ніякіх шанцаў арганізаваць выратаванне каманды.
Акене спадзяваўся, што вадалазы прыплывуць да яго, аднак яны знаходзіліся ў іншай частцы судна. Страціўшы надзею на дапамогу, кок выбраўся са свайго схову і паплыў ім насустрач. Прабіраючыся праз памяшканні, ён знайшоў у адной з кают малаток, абадраў сцяну каюты да сталёвага корпуса і пачаў стукаць у яго ў надзеі, што яго пачуюць. Аднак вадалазы ўсплылі занадта хутка, ды і паветра не хапіла — Харысану давялося вярнуцца ў адсек.
Тым часам на зямлі яго ўжо лічылі загінулым. Кіраўніцтва фірмы звязалася са сваякамі ўсіх 12 чальцоў экіпажа, у тым ліку са старэйшым братам Акене. Яму сказалі, што ўсе целы ўжо знойдзеныя. Але мужчына не рызыкнуў адразу расказаць пра гэта маці і ўгаварыў яе пайсці на сустрэчу з сем’ямі астатніх маракоў: спадзяваўся, што там знойдуць патрэбныя словы. А жонка Харысана Акене за некалькі гадзін да трагедыі згубіла тэлефон, таму з ёю не змаглі звязацца. У выніку абедзвюм жанчынам, у адрозненне ад брата, так і не давялося перажываць «гібель» і «ўваскрэсенне» сына і мужа.
Тым часам Харысан працягваў змагацца за сваё жыццё, бо ратавальнікі вярнуліся. Ён зноў скіраваўся ім насустрач. На той час былі знойдзеныя ўжо чацвёра загінулых. Дабраўшыся нарэшце да аднаго з вадалазаў, Акене паляпаў яго па целе. Паўднёваафрыканец Ніка ван Хеердэн тут жа далажыў наверх, што знайшоў яшчэ адзін труп. Якое ж было яго здзіўленне, калі «труп» схапіў яго рукой! Вадалаз спалохаўся, але тут Акене памахаў яму — і Ніка перадаў на паверхню: «Ён жывы! Ён жывы! Ён жывы!»
Харысану трэба было перадыхнуць і набраць кіслароду. Таму яны вярнуліся ў паветраную кішэнь. Пасля гэтага пачалася выратавальная аперацыя. Пакуль пад ваду дастаўлялі ўсё неабходнае, Ніка быў уражаны спакоем Харысана, з якім той чакаў эвакуацыі. На пытанне, як яму ўдалося захоўваць прысутнасць духу, кок потым адказаў: «У той момант я зразумеў, што больш нічога не магу для сябе зрабіць. Бог зрабіў большую частку. Мне проста трэба было чакаць і глядзець».
Вадалазы разгарнулі страхавальны трос і перадалі кіслародную маску. Аднак, як адзначалася вышэй, людзі, якія аказваюцца зняволенымі ў замкнёнай прасторы, могуць памерці не толькі ад недахопу кіслароду, але і ад канцэнтрацыі вуглякіслага газу з уласнага дыхання. Калі Харысана знайшлі, ён быў блізкі да смерці, на першай стадыі гіперкапніі — атручання CO2. Параіўшыся са спецыялістамі, ратавальнікі падключылі паветраны шланг і літаральна абдзьмулі яго свежым паветрам, а потым пераключылі паток на неабходную ў той сітуацыі сумесь кіслароду і гелію.

Потым знясіленаму смагай і змерзламу мужчыну праз Ніка перадалі бутэлечку з цёплай вадой. «Калі ён даў мне вады, я зразумеў, што ён назірае за мной, каб праверыць, ці сапраўды я [жывы] чалавек, бо яму было страшна», — успамінаў кок.
Адразу падымаць яго на паверхню было яшчэ нельга. Пасля такога доўгага знаходжання на глыбіні пад ціскам азот з паветра раствараецца ў тканках цела. Калі падняць чалавека хутка, раствораны азот пачынае выдзяляцца ў кроў у выглядзе бурбалак — як падчас адкрыцця бутэлькі з газіроўкай. Гэтыя бурбалкі могуць блакаваць крывацёк, выклікаючы цяжкі і патэнцыйна смяротны стан — Дэкампрэсійную, або кесонную, хваробу, вядомую як хвароба вадалазаў. Так што калі б Харысана паднялі з 30-метровай глыбіні адразу на паверхню, у яго б спынілася сэрца або, у найлепшым выпадку, узніклі сур’ёзныя неўралагічныя праблемы.
Таму на мужчыну надзелі вадалазны шлем і з дапамогай троса давялі да звона (сродак транспартавання вадалазаў, капсула, дзе падтрымліваецца такі ж, як на глыбіні, ціск). Падчас перасадкі Акене страціў прытомнасць, але выжыў. Потым звон паднялі на паверхню. Гэта здарылася ў 19:32. Гадзінніка ў кока не было, і ён думаў, што знаходзіўся пад вадой толькі адзін бясконцы дзень — насамрэч жа ён прабыў на глыбіні каля 62 гадзін.
Яшчэ амаль столькі ж, 60 гадзін, Харысану давялося прабыць у дэкампрэсійнай камеры, каб паступова нармалізаваць ціск. Ён пакутаваў ад лушчэння скуры, пастаянных кашмараў і жахлівага голаду, але ў астатнім быў здаровы. І яго нарэшце адпусцілі на волю.

Усяго вадалазы адшукалі 10 трупаў (цела аднаго з мужчын так і засталося нязнойдзеным), пасля чаго WAV вырашыла згарнуць выратавальную аперацыю з меркаванняў бяспекі. Судна зрабілася такім няўстойлівым, што рызыка траўмаў для ратавальнікаў стала непрымальна высокай. Сваякі нязнойдзенага марака да апошняга спадзяваліся на такое ж цудоўнае выратаванне, як з Акене, але гэтага не здарылася.
Вяртанне ў акіян
Выйшаўшы з дэкампрэсійнай камеры, Харысан праігнараваў параду легчы ў бальніцу і вярнуўся дадому. Але спакою ў родных сценах не знайшоў. Наступныя некалькі тыдняў ля яго ўваходных дзвярэй тоўпіліся журналісты. А начамі яму яшчэ доўга сніліся кашмары. «Ён у страху прачынаўся і казаў, што ложак тоне, мы знаходзімся ў моры», — успамінала яго жонка ў снежні 2013-га, праз сем месяцаў пасля катастрофы.
Акене пастаянна задаваўся пытаннем, чаму яму ўдалося выжыць, а яго калегі загінулі. Гэтыя развагі пахіснулі ягоную веру ў бога. Магчыма, паўплывала і тое, як паставіліся да таго, што здарылася з Харысанам, навакольныя: некаторыя рэакцыі былі нечаканымі. Так, калі кок расказваў пра сваё выратаванне ў мясцовай царкве, святар спытаў, ці не звяртаўся той дзеля выжывання да чорнай магіі. І, відаць, такія падазрэнні былі не ў яго аднаго: нігерыйцы пры ўсёй сваёй рэлігійнасці вельмі забабонныя. Харысан нават не пайшоў на пахаванне сваіх калег, баючыся рэакцыі іх сем’яў.
Чакаючы смерці пад вадой, Акене абяцаў богу, што калі ўратуецца, то больш ніколі не вернецца ў мора, а таму ўладкаваўся на працу кухарам ужо на цвёрдай зямлі. Але жыццё нечакана павярнулася ў іншы бок.

У 2014-м Харысан кіраваўся на працу з сябрам, калі іх машына з’ехала з моста ў ваду. Акене выплыў, потым вярнуўся і выратаваў сябра, а потым зноў сышоў пад ваду, каб абвязаць машыну вяроўкай і выцягнуць яе. Пасля гэтага ён зразумеў, што не баіцца вады. Мужчына захацеў стаць дайверам. На той момант старэйшы брат яго адгаварыў. Аднак у 2015-м Акене развёўся з жонкай, застаўся адзін, зазнаў дэпрэсію і вырашыў, што яго ўратуе менавіта рэалізацыя мары. Былы кок запісаўся на трохмесячны курс і расказаў пра гэта брату толькі калі скончыў навучанне. Дыплом яму ўручыў Ніка — той самы ратавальнік, які знайшоў яго на дне акіяна.
Так Акене стаў сертыфікаваным камерцыйным вадалазам. З таго часу ён працуе ўсё ў той жа West African Ventures на будаўніцтве, абслугоўванні і рамонце марскіх нафтагазавых аб’ектаў і апускаецца на глыбіню да 50 метраў. Перанесенае пад вадой, досвед выжывання, кажа Харысан, змянілі яго ў многіх аспектах: «Тое, як я думаю, тое, як я бачу жыццё. І так, палепшылі маё жыццё насамрэч», — прызнаецца мужчына. З новай жонкай і трыма дзецьмі яны пасяліліся ў доме ля возера. Але калі ў яго з’явіцца больш грошай, былы марак марыць купіць дом ля акіяна.
Чытайце таксама

![Майкл Рокфеллер среди аборигенов Асмата. Фото: President and Fellows of Harvard University; Peabody Museum of Archeology and Ethnology [155700080] Майкл Рокфеллер среди аборигенов Асмата. Фото: President and Fellows of Harvard University; Peabody Museum of Archeology and Ethnology [155700080]](https://cdn-gtmimage.com/img/390x260c/novosti/03/f/01-michael-rockefeller-asmat.jpg)
