У Варшаве адказалі на прапанову Васкрасенскага кіраўніку МЗС Польшчы асабіста прыехаць і забраць Пачобута
Читать по-русски


Прапагандыст Юрый Васкрасенскі заявіў, што Варшаве нібыта прапаноўвалі выпусціць з беларускай калоніі палітвязня журналіста Андрэя Пачобута, але з умовай, што забіраць яго з-за кратаў прыедзе асабіста міністр замежных справаў нашай заходняй суседкі Радаслаў Сікорскі. Словы праўладнага беларускага «палітолага» «Еўрарадыё» пракаментавалі ў польскім замежнапалітычным ведамстве.

Андрей Почобут в суде, 16 января 2023 года. Фото: ПЦ "Вясна"
Андрэй Пачобут у судзе, 16 студзеня 2023 года. Фота: ПЦ «Вясна»

«Прапанова, чарговым разам прадстаўленая калабарацыяністам беларускага рэжыму, не ўпісваецца ні ў адзін канон двухбаковых адносін», — паведамілі ў МЗС Польшчы.

Раней Юрый Васкрасенскі заявіў, што Пачобута нібыта прапаноўвалі адпусціць з калоніі, але забраць яго мусіў асабіста міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

— Я тэлефаную бясконца былому часоваму паверанаму Вайцяхоўскаму. Ён не падымае слухаўку. Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сетцы: «Забірай, забірай, падымай азадак і забірай». Калі ты думаеш, мы за кімсьці будзем бегаць з гэтым Пачобутам? Не. Значыць, ён адседзіць увесь тэрмін. А можа, атрымае яшчэ і другі, калі будзе кепска сябе паводзіць у калоніі, — заявіў прапагандыст.

Нагадаем, у канцы жніўня польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што польскі бок сапраўды абмяркоўваў магчымасць вызвалення палітвязня журналіста Андрэя Пачобута ў рамках расійска-амерыканскага абмену.

— Часу на перамовы не было. Калі б абмен заблакавалі і высветлілася, што гэта было супраць волі Андрэя Пачобута, у нас узнікла б вельмі сур’ёзная праблема, — прызнаўся Дуда.

Раней былы міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі ў інтэрв'ю Republika Television сказаў, што галоўнай негалоснай умовай, якую Варшава атрымала ад Мінска ў перамовах па вызваленні палітвязня Андрэя Пачобута, была выдача экс-чыноўніка, а цяпер аднаго з лідараў дэмакратычных сіл Беларусі за мяжой Паўла Латушкі.

У сакавіку мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяняць Пачобута на Паўла Латушку і ўсю каманду НАУ. Ніякіх публічных заяваў пра аднабаковую выдачу Варшаве палітвязня журналіста Лукашэнка не рабіў. Таму верагоднасць словаў праўладнага прапагандыста Юрыя Васкрасенскага выклікае сумневы.

Чытайце таксама