Экс-прэзідэнт Грузіі — пра сітуацыю пасля выбараў: трэба прызнаць, што беларусы змагаліся значна актыўней, чым мы
-->
Читать по-русски


/

Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў сябе ў Facebook заклікаў аднавіць грамадскія пратэсты супраць вынікаў выбараў у парламент, якія адбыліся 26 кастрычніка. Ён раскрытыкаваў апазіцыю за недастатковую, на яго думку, ініцыятыўнасць і заявіў, што «беларусы і венесуэльцы змагаліся актыўней».

Саакашвили в суде в Тбилиси, март 2022 года. Фото: Reuters
Саакашвілі ў судзе ў Тбілісі, сакавік 2022 года. Фота: Reuters

«Пасля прыняцця расійскага закона (прыняты ў траўні 2024 года Закон „Пра празрыстасць замежнага ўплыву“, які называлі копіяй расійскага. Гэтая падзея справакавала масавыя пратэсты ў Грузіі. — Заўв. рэд.) пратэст спынілі, бо мы чакалі выбараў. Цяпер выбары скралі, і першы і адзіны мітынг разагналі праз дзве гадзіны, а потым нічога не адбываецца, акрамя бясконцых сустрэч [апазіцыі]», — заявіў Саакашвілі.

На думку палітыка, гэтыя сустрэчы неабходныя, гэтак жа як і «раскрыццё схемы крадзяжу выбараў» патрэбнае, аднак «у Грузіі ўсталявалі дыктатуру».

«І супраць гэтага ні замежжа, ні дэталёвыя дакументы, якія мы пішам, нічога не могуць зрабіць, калі не будзе масавых і працяглых пратэстаў», — лічыць экс-прэзідэнт.

Ён перакананы, што ў Грузіі марнуюць час, да таго ж цікавасць да таго, што адбываецца, за межамі краіны зніжаецца.

«Ініцыятыва пяройдзе ў рукі рэжыму, калі мы яе не перахопім», — папярэдзіў Саакашвілі.

«Раней мы казалі, што мы не Беларусь і не Венесуэла і што мы будзем дзейнічаць актыўней. Насамрэч трэба прызнаць, што нават тыя ж беларусы змагаліся значна актыўней, чым мы», — напісаў ён і выказаў надзею, што «шырокі народны пратэсны рух хутка адновіцца».

Нагадаем, парламенцкія выбары ў Грузіі адбыліся 26 кастрычніка. Паводле звестак ЦВК, перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара», якая набрала 53,9% галасоў.

Усе апазіцыйныя партыі, якія прайшлі ў парламент, заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў, сцвярджаючы, што мелі месца фальсіфікацыі. У краіне прайшлі масавыя пратэсты.

Таксама адмовіліся прызнаць вынікі выбараў дзейная прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі і былы лідар Міхаіл Саакашвілі.

Пракуратура Грузіі пачала расследаванне з нагоды магчымых парушэнняў падчас выбараў.

Чытайце таксама