МЗС Польшчы збіраецца зрабіць больш жорсткімі правілы выдачы віз
Читать по-русски


МЗС Польшчы падрыхтаваў праект змяненняў у правілы выдачы віз, які неўзабаве будзе скіраваны ў Сейм, паведамляе «Польскае радыё».

Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Намесніца міністра замежных справаў Хенрыка Масціцка-Дэндыс патлумачыла, што новыя правілы закліканыя ўзмацніць кантроль над працэсам выдачы віз: «Са студзеня мінулага года мы працуем над тым, каб аднавіць кантроль за ўездам замежнікаў у Польшчу. Мы мусім ведаць, хто і з якой мэтай атрымлівае польскую візу, каб польская віза перастала быць самым лёгкім сродкам легалізацыі знаходжання ў Шэнгенскай зоне, як гэта было ў папярэднія гады».

У 2020−2023 гадах Польшча выдала 47% усіх віз у Шэнгенскай зоне. Хенрыка Масціцка-Дэндыс дадала, што на гэты момант выкананне працэдур выдачы віз значна палепшанае, а ў снежні ўрад прыняў пакет з чатырох законаў па гэтым пытанні.