Прапаганда выпусціла чарговы «фільм» пра тое, як беларусы ледзь выжываюць у Еўропе. Каб запісаць відэа, герояў жорстка падманулі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Белтэлерадыёкампанія 18 сакавіка прэзентавала прапагандысцкі фільм «Чужое неба» аўтарства Аляксея Марцінёнка. У паўтарагадзінным фільме расказваецца пра цяжкі лёс беларусаў у Польшчы і краінах Балтыі, дзе яны, маўляў, ледзь зводзяць канцы з канцамі. Праўда, у вочы адразу кідаецца аматарская здымка — як высветлілася, кадры гэтыя былі зробленыя падманам, героі не ведалі, што каментуюць сваё жыццё для беларускіх прапагандыстаў, піша «Наша Ніва».

Афиша пропагандистской картины "Чужое небо", март 2025 года. Фото: Белтелерадиокомпания
Афіша прапагандысцкай карціны «Чужое неба», сакавік 2025 года. Фота: Белтэлерадыёкампанія

«2020 год… Тысячы беларусаў пакінулі радзіму ў пошуках новага дому, але чужыя краіны не прынялі іх гасцінна. Толькі нямногім удалося знайсці апору і доступ да магчымасцяў за мяжой, у той час як большасць аказалася на ўскраіне жыцця. Гісторыя пра мары, ілюзіі і суровую рэальнасць — у нашым фільме», — такім гучным анонсам завабліваюць гледача.

Большая частка сюжэтнай лініі ў ім грунтуецца на гісторыі настаўніцы са Шклова, 37-гадовай Юліі. Яна скардзіцца, што ў эміграцыю паехала за мужам, які спалохаўся палітычнага пераследу. Жанчына ж не хацела нікуды з’язджаць, яе ўсё задавальняла, але яна баялася, што муж забярэ з сабой дзяцей, таму паехала разам з ім. Юлія прызнаецца, што гэта было памылкай: і шлях, і жыццё бежанкі аказаліся цяжкімі.

Відаць, толькі яе адну здымалі ў Беларусі, бо Юлія ў выніку вярнулася на радзіму з дзецьмі. Большая частка тых герояў фільма, каго здымалі за мяжой і з кім паспела паразмаўляць «Наша Ніва», сцвярджаюць, што сталі ўдзельнікамі кіно не са сваёй волі.

Як жа здымаўся фільм?

Як расказала адна з гераіняў фільма, да яе звярнулася знаёмая з просьбай паўдзельнічаць у здымках відэа для Офіса Святланы Ціханоўскай — гэта мела быць інтэрв'ю для ўнутранага карыстання, каб паказаць патэнцыйным донарам патрэбы людзей, якія аказаліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Здымка адбылася яшчэ ў кастрычніку 2024 года.

«Інтэрв'ю было патрэбнае, каб пасля мне фінансава дапамаглі. Для відэа спецыяльна шукалі выпадкі людзей, якім патрэбная гэтая дапамога. Папрасілі быць шчырай і расказаць пра ўсе праблемы. Але мне сказалі, што гэта будзе ананімна».

Ніякай дапамогі жанчына так і не атрымала і цяпер разумее чаму.

Тое, што яны зняліся менавіта для фільма БТ, стала шокам і для іншых герояў стужкі. Яны даведаліся пра прэм’еру ад журналістаў «Нашай Нівы»:

«Для БТ мы б не здымаліся і пад руляй пісталета», «Мы не падазравалі, што гэта будзе для прапаганды».

Цяпер удзельнікі фільма спрабуюць высветліць, на якім этапе адбылася ўцечка матэрыялаў. Аператарка, якая запісвала герояў, паабяцала пракаментаваць сітуацыю «Нашай Ніве» пасля поўнай унутранай праверкі: «Мы імкнёмся абмеркаваць усё з кожным чалавекам, звязаным з гэтай сітуацыяй. Мы шакаваныя тым, што адбылося, ніяк такога не чакалі. Нам патрэбны час».

Паводле версіі аднаго з герояў відэа, уцечка магла адбыцца на этапе заказу. Людзям казалі, што відэа замовіў нібыта прадстаўнік Офіса — загадкавы рэжысёр ці рэдактар, — але, відаць, ягоная асоба ніяк не была пацверджаная.

«Наша Ніва» дадаткова звярнулася па каментар у Офіс Святланы Ціханоўскай, каб даведацца, ці здымалі яны нешта падобнае са свайго боку.