Прэм'ер Даніі адказала на прапанову Трампа саступіць Грэнландыю
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Прэм’ер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн у адказ на словы абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Грэнландыю заявіла, што Вашынгтон — «найважнейшы і найбліжэйшы саюзнік Даніі». Пра гэта яна сказала TV 2.

Ледавікі Грэнландыі. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Паводле Фрэдэрыксэн, яна не лічыць, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць вайсковую ці эканамічную моц, каб дабіцца кантролю над Грэнландыяй. «Я не магу ўявіць сабе, што мы акажамся ў такой сітуацыі», — сказала прэм’ер.

Кіраўніца ўрада падкрэсліла, што не хоча гандлёвай вайны з ЗША. «Я думаю, што мы павінныя далей камунікаваць адно з адным і рабіць гэта належным чынам», — адзначыла яна.

Паводле яе, тое, што ў ЗША расце цікавасць да Грэнландыі, добра, але гэта мусіць адбывацца з павагай да жыхароў вострава.

Трамп прапанаваў Даніі саступіць Грэнландыю.

«Людзі нават не ведаюць, ці ёсць у Даніі законныя правы на Грэнландыю, але калі яны ёсць, то Данія мусіць адмовіцца ад іх, бо Грэнландыя патрэбная нам для забяспечання нацыянальнай бяспекі, для абароны вольнага свету», — заявіў ён журналістам у сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага.

Са словаў Трампа, вакол вострава рэгулярна курсуюць кітайскія і расійскія караблі, і для таго, каб іх убачыць з берага, «нават бінокль не патрэбны».

Раней абраны прэзідэнт ужо агучваў намеры зрабіць Грэнландыю часткай ЗША. Дональд Трамп-малодшы і прадстаўнікі яго бацькі прыбылі на востраў. Пазней Трамп-старэйшы пацвердзіў паездку ў публікацыі на сваёй платформе Truth Social. Ён дадаў: «Грэнландыя — неверагоднае месца, і яе народ выйграе велізарным чынам, калі яна стане часткай нашай нацыі. Мы будзем абараняць яе і шанаваць яе ў гэтым жорсткім свеце. Зробім Грэнландыю зноў вялікай!»

Ён таксама прыгразіў увесці мыты ў дачыненні да Даніі, калі тая будзе перашкаджаць незалежнасці Грэнландыі ці далучэнню яе да ЗША.