Калі для многіх 14 лютага — проста Дзень закаханых, то для NaviBand яшчэ і асаблівая дата. 12 гадоў таму пачалася агульная гісторыя Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі. Хоць на той момант яны пра гэта нават не здагадваліся. У 2025-м да важных лютаўскіх падзей дадалася яшчэ адна — выхад новага альбома «Адліга», у які ўвайшла вельмі асабістая для сям'і песня «Прабач». Ксенія і Арцём кажуць, што пакуль не даюць вялікіх інтэрв'ю, але напярэдадні свята пагадзіліся крыху расказаць пра сваё каханне.

«Адліга» — шосты студыйны альбом NaviBand. Ён ствараўся некалькі гадоў. У яго ўвайшлі ўжо добра вядомыя многім песні «Мама», «Прабач», «Лістапад». Ёсць «Маё каханне», запісаная з Шурам Бі-2, «Артэфакт» — з беларускай спявачкай Palina і «Караблі» — з вядомым грузінскім гуртом MGZAVREBI. Паслухаць альбом можна тут.
«Вось хлопец сядзіць на канапе»
— Давайце пачнём з Дня закаханых, ці святкуеце вы яго і як?
Ксенія: Мы наўрад ці святкуем так, як людзі гэта звычайна робяць, бо часцей за ўсё 14 лютага ў нас праходзіць на сцэне. Мы робім канцэрт. Апошнім часам гэта акустычныя выступленні. І гэта для нас галоўны момант святкавання, бо, калі забягаць далей, то менавіта 14 лютага мы і пазнаёміліся.
Арцём: Гучыць вельмі банальна. Я разумею, але гэта сапраўды было так. 14 лютага, па-мойму, быў 2012-ы… ці 2013 год.
Ксенія: 2012-ы.
Арцём: Альбо 2013-ы?
Ксенія: 2013-ы!
Арцём: Так, 2013 год. Памятаю, гэта была вельмі марозная зіма, марозны дзень, я ішоў на рэпетыцыйную кропку, якая знаходзілася за кінатэатрам «Перамога». Я там граў са сваім гуртом. Так атрымалася, што прыйшоў туды перачакаць, чакаў кагосьці з сяброў. Гэта было ўвечары.
Ксенія: У той дзень я таксама збіралася на сустрэчу са сваім хлопцам. Было холадна, ён спазняўся, і я вырашыла заскочыць на BooM (рэпетыцыйны комплекс. — Заўв. рэд.), таму што там заўсёды былі знаёмыя, сябры. Можна было проста пачакаць у цеплыні і паразмаўляць. Там сядзеў Арцём. І адміністратар кропкі, які быў нашым сябрам — і Арцёма, і маім, — паказаў мне Цёмін сольны трэк, які той запісаў нядаўна. Мне вельмі спадабалася. Запытала, хто гэта спявае, ён кажа: «Вось хлопец сядзіць на канапе». Арцём усё гэта паралельна чуў. Мы паразмаўлялі і вырашылі, што было б цікава паспрабаваць заспяваць дуэтам.
Арцём: Потым узнікла песня «Абдымі мяне». Я быў у гурце рокавага накірунку. Мы ігралі панк. Паказаў песню хлопцам. Мы думалі зрабіць яе панк-версію, але мне захацелася заспяваць з дзяўчынкай. Кажу: «Слухайце, я тут з дзяўчынкай пазнаёміўся. Хацеў бы з ёй зрабіць гэту песню». Вось так усё і пачалося.
Ксенія: А я была не супраць, мне было цікава штосьці новае. Я якраз сышла з гурта Sonika, і для мяне пачыналася нейкае зусім новае, невядомае жыццё. І якраз адразу на гэтым скрыжаванні мне на вочы трапіўся Арцём. Мы сустрэліся, і вось што з гэтага адбылося. Як я ўжо казала, мы працягваем адзначаць 14 лютага менавіта на канцэртах, таму што з гэтага моманту нарадзілася і наша гісторыя, і наша музыка.
Арцём: Да таго ж у нас у гэтым годзе 14 лютага выходзіць альбом. Мы не спецыяльна гэта зрабілі. Насамрэч ён павінен быў з’явіцца ўвосень. Але зразумелі, што не хочам спяшацца, а ўсё спакойна дарабіць, і выбралі дату 14 лютага. Потым толькі я ўжо зразумеў: «Ваў! Гэта ж так прыкольна, што ў дзень, у які мы пазнаёміліся, выпускаем новы альбом».
«Сябры смяяліся, смяяліся — і ў выніку так і атрымалася»
— У які момант кожны з вас зразумеў, што вось ён, ваш самы галоўны чалавек побач?
Арцём: Насамрэч гэта было як у нейкай кнізе. Я адчуваў, што быццам знаходжуся ў суперцікавай гісторыі і што гэта адбываецца нібыта не са мной. Усё было вельмі кінематаграфічна. Яшчэ пяць ці шэсць месяцаў мы проста сустракаліся [як сябры]. Ксенія трапіла ў маю тусоўку хлопцаў. Гэта было кола вельмі творчых людзей — сябры з Акадэміі мастацтваў, музыкі. У нас увесь час былі цікавыя сустрэчы, паездкі. Мы пастаянна абмяркоўвалі нейкіх спевакоў, паэтаў. Разам хадзілі на канцэрты.
Ксенія: Паміж намі не было ніякіх адносінаў, акрамя сяброўскіх. Доўгі час нават не адчувалася, што гэта да нечага ідзе. Мы проста абмяркоўвалі гурт, сябравалі. Цеплыня адно да аднаго была, але мы ніколі не падыходзілі бліжэй да гэтай тэмы, мы проста атрымлівалі асалоду ад кампаніі адзін аднаго.
Арцём: Было прыемна знаходзіцца разам, хацелася сустракацца ўсё больш і больш. [У тусоўцы] ў меня была мянушка Лук’ян. І мае сябры пакеплівалі: «Лук'ян, табе ж трэба працаваць з гэтай дзяўчынкай. Ты ж разумееш, што вам жа яшчэ працаваць». І тыпу так падміргвалі. Адказваў: «Так, мы будзем толькі працаваць». Потым яны жартавалі: «Прыкінь, Лук’ян прыходзіць і кажа: „Мы вырашылі ажаніцца, але мы плануем працаваць“». Карацей, яны смяяліся, смяяліся — і ў выніку так і атрымалася. Гэта быў май, было цёпла. Мы кудысьці ўвесь час ездзілі, то на лецішча майго сябра, то яшчэ кудысьці…

Ксенія: На прыродзе былі. І ў нейкі момант… Быў вечар перад тым, як Цёма з’ехаў на вёску да нашага сябра (дарэчы, пасля ў гэтым жа месцы мы здымалі кліп на песню «Абдымі мяне», з гэтым нашым сябрам). Цёма туды паехаў, і мы амаль усю ноч размаўлялі з ім па тэлефоне. Праз гэтую размову зразумелі, што нешта адбываецца паміж намі, што мы нешта адчуваем.
Арцём: Аднойчы, памятаю, я прыязджаў да Ксюшы ў Лошыцу (раён Мінска. — Заўв. рэд.), мы ноччу гулялі па Лошыцкім парку, слухалі музыку. Потым я, не спаўшы, паехаў на тралейбусе на пары. Гэта было таксама вельмі цікава… Гэта даволі банальна, але ў той момант здавалася, што мы ў кіно і адбываецца нешта супернезвычайнае, магічнае. Гэта прывяло да таго, што мы вырашылі быць разам. «I'm all in» (у значэнні «Я рызыкну». — Заўв. рэд.), карацей, паставілі. Разумеючы, што спалучаць творчасць і адносіны — часта не самая лепшая ідэя.
Ксенія: Але неяк атрымалася, і мы па сённяшні дзень праходзім гэты шлях. Мы не шкадуем, таму што расцём побач адзін з адным, становімся лепш, абчэсваемся. Гэта цікавая дарога, і яна цікавая яшчэ і тым, што ты ўвесь час праходзіш праз нейкія выпрабаванні, з якіх выходзіш з поўным пачуццём, што зрабіў правільны крок. І цудоўна, што з табой побач менавіта такі чалавек.
— Вы доўга не прызнаваліся прыхільнікам, што вы пара. Але чаму?
Ксенія: Калі мы з Цёмам пачалі сустракацца, у першую нашу сумесную вандроўку мы паехалі на мора. Гэта быў 2014 год.
Арцём: Там мы абмяркоўвалі, як бы мы прызналіся прыхільнікам, што мы разам. І мы такія: «Трэба нейкая суперпадзея». Давай, калі мы патрапім на «Еўрабачанне» — і потым быў дадатак, калі выйдзем у фінал, — тады ўсім раскажам.
Ксенія: А як раскажам? Тады мы пацалуемся на камеры. Ну ўсё, давай. І прайшло…
Арцём: Мы забылі пра гэта ўвогуле. Прайшло тры гады, і вось трапляем на «Еўрабачанне». І нам усе журналісты задаюць пытанне: «Ці вы разам?» Яно гучала адусюль, мы ад яго так стамляемся! Мы праходзім у фінал і перад выхадам на сцэну ўзнікае думка. Рэальна за паўгадзіны! І мы пытаемся ў рэжысёра: «Слухай, Макс, а колькі трымаецца на нас фінальны кадр буйным планам? Мы хочам паспрабаваць прызнацца, што мы разам, і зрабіць пацалунак». Ён: «Прыкольна. Тры-чатыры секунды ў вас будзе».
Ксенія: Абмеркавалі мы гэта толькі з ім, ніхто не ведаў.
Арцём: І вельмі хутка ідзём на сцэну. Робім і атрымліваем эйфарыю. Гэта было вельмі крута. Вельмі прыгожа. Мне так падавалася.
Арцём: Там было так, што хлопчык вырашыў пацалаваць дзяўчынку, а яна не зусім гэтага хацела. І атрымаўся не вельмі прыгожы пацалунак. Мы іх сустрэлі ў аэрапарту, і яны такія: «Oh, shit, man» («Вось чорт». — Заўв. рэд.). Пачалі ўзнікаць мемы тыпу «Пацалунак здаровага чалавека» і «Пацалунак курыльшчыка» (усміхаецца). Карацей, гэта была такая цікавая гісторыя, але мы адным пацалункам расказалі пра ўсё. І так было лепш, чым даваць інтэрв'ю і штосьці расказваць.
Ксенія: А навошта трымалі ў сакрэце? Проста не хацелася аб гэтым казаць. Хацелася больш, каб людзі слухалі тое, што мы робім, слухалі нашу музыку. Па сённяшні дзень насамрэч мы прытрымліваемся таго, каб менавіта праз музыку дзяліцца сваімі пачуццямі з людзьмі, тым, што ў нас унутры, што перажываем. І гэта нашмат больш кажа, чым словы.
«За дзень да гэтага ў мяне вельмі часаўся і гарэў палец, куды надзяваюць пярсцёнак»

— Як Арцём рабіў прапанову?
Ксенія: Вельмі класна. Гэта быў мой дзень нараджэння. І гэта было якраз у 2013 годзе, бо ў 2014-м мы ажаніліся. То-бок Арцём зрабіў мне прапанову праз паўгода, як мы афіцыйна пачалі з ім сустракацца. Гэта было вельмі нечакана. Нам было па 20 гадоў.
Цёма вырашыў арганізаваць суперсакрэтны квіз. За мной прыехаў сябар, завязаў мне вочы, пасадзіў у таксоўку. Мы кудысьці прыехалі. Мяне з закрытымі вачыма правялі ў кватэру, пасадзілі за нейкі стол. Калі знялі павязку з вачэй, я апынулася ў месцы, дзе ўсё было зацягнута чорнай тканінай, стаяў стол, свечы, усё рамантычна. Музыка мая любімая грала. Гэта было так прыгожа!
Мы павячэралі — і Цёма зрабіў мне прапанову.
Яшчэ цікавы момант. Вельмі дзіўным было тое, што менавіта за дзень да гэтага ў мяне вельмі часаўся і гарэў палец, куды надзяваюць пярсцёнак. Раней такога ніколі не здаралася. І вось Арцём робіць мне прапанову. Не ведаю, як гэта патлумачыць. Я сабе нічога не прыдумвала, нічога не чакала. Паўтаруся, нам было па 20 гадоў. І мы яшчэ моцна не думалі пра такія рэчы.
Арцём: Гэта аказалася кватэра майго сябра. Яна была звычайная, як гэта сказаць, «блатхата» (смяецца) студэнцкая. Але трэба было зрабіць прыгажосць. Мы зацягнулі пасярэдзіне пакоя ўсё чорнай тканінай, і не было зразумела ўвогуле, дзе ты знаходзішся.
Ксенія: Гэта было вельмі класна.
Арцём: Можна было б зрабіць яшчэ прыгажэй — на вадаспадзе альбо каля Эйфелевай вежы, але тады мае кішэні былі пустыя, і трэба было выкручвацца. Але мы верылі… Дарэчы, цікава, што нам было 20−21 год, але было вельмі дакладнае разуменне, што я ўсё раблю правільна. Хаця мяне з сяброў ніхто не падтрымаў. Усе казалі: «Блін, табе ж 20 гадоў. Навошта?» Але так адбылося. Сказаць, што я шкадую? Канешне, я не шкадую.
— Наколькі складана бачыць побач аднаго чалавека і ў жыцці, і на працы?
Ксенія: Не, так не адбываецца. Праз увесь час, пакуль мы побач, у нас ужо неяк выладкавалася адчуванне асабістай прасторы, адчуванне, якія мы ў працы, а якія дома. І насамрэч мне падаецца, што менавіта гэта дапамагае нам станавіцца толькі лепш. Чаму? Таму што мы апынаемся ўвесь час у розных сферах. Калі канцэрт, гэта зусім іншая энэргія, іншыя людзі, ты па-іншаму апранаешся і выглядаеш. Калі дом, то, зразумела, там таксама ўсё іначай. Таму мы нібыта жывём у розных мірах. Менавіта гэта дае пачуццё напоўненасці.
Арцём: Праца — гэта частка нашага жыцця. З думкамі, як штосьці зрабіць, напісаць, палепшыць, ты прачынаешся і засынаеш. Таму я не лічу, што гэта [выключна] праца. Магчыма, калі б мы хадзілі ў офіс, сядзелі адзін насупраць аднаго кожны дзень і былі б яшчэ дома разам, то было б складана. А так у нас праца, у якой мы шмат ездзім, сустракаемся з людзьмі, і ў нас даволі многа прасторы для асабістага мыслення і каб пабыць самім. Нават, умоўна, падчас дарогі ў туры мы можам сядзець у розных канцах буса і займацца сваімі справамі. Гэта абсалютна ок. Таму тут няма пытанняў з працай.
Ксенія: Мы вельмі паважаем вольны час адзін аднаго, у нас няма з гэтым пытанняў і праблем.
«Вучымся, як знаходзіць не кампраміс, а лепшае адно ў адным»

— Што вам больш за ўсё падабаецца адно ў адным?
Арцём: Мне падабаецца, як Ксенія спявае. Гэта лепшы голас у свеце. Мяне гэта скарыла з самага пачатку, і яно працягваецца дагэтуль.
Ксенія: А я люблю розныя грані Арцёма. Трапляюцца ўсялякія моманты, канешне. Бывае складана, таму што мы два вельмі моцныя характары, яркія, вогненныя ў нейкім сэнсе. Мы проста вучымся, як знаходзіць не кампраміс, а лепшае адно ў адным. Мы заўсёды памятаем, што зрабілі важны крок: паабяцалі быць побач, і мы павінны працаваць над гэтым і над сабой кожны дзень, каб не было момантаў, што цябе штосьці раздражняе і гэта накопліваецца, як снежны ком.
Арцём: Мы шмат размаўляем.
Ксенія: Так, спрабуем абмяркоўваць, вырашаць. Такіх размоў было шмат. І дзякуй, што мы знаходзім сілы ўсё неяк разрульваць. Бо, паўтаруся, і я, і Цёма — абодва вельмі зацікаўленыя ў тым, каб наша жыццё працягвалася разам. А калі ёсць інтарэс з абодвух бакоў, то ніколі не будзе моцнага застою.
Арцём: Гэта песня ўзнікла як прызнанне ў каханні адно аднаму. Ты можаш казаць «Я цябе люблю, я цябе кахаю» кожны дзень. Але бывае цяжка знайсці сілы сказаць «Прабач». Сказаць прабач за розныя моманты. За дзесяць гадоў іх было шмат і розных. Гэта вельмі інтымная песня.
Ксенія: Гэтую песню напісаў Арцём, і мы, зразумела, можам па-рознаму яе ўспрымаць. Для мяне «Прабач» — гэта вяртанне да нашых абяцанняў. Калі табе дрэнна, ты сумуеш ці, умоўна кажучы, чымсьці раздражнёны, ты праз гэтую песню нібыта можаш вярнуцца ў самы пачатак. Чаму мы вырашылі быць побач і разам? Яна для мяне такі якар, каб сябе абудзіць і ўспомніць, што мы вельмі моцна кахаем адзін аднаго і трэба гэта берагчы.
Арцём: У нашым новым альбоме шмат асабістых песень, эмацыянальных перажыванняў апошніх некалькіх гадоў, асабліва ўсіх падзей, якія адбыліся ў Беларусі і ва Ўкраіне, эміграцыя. Гэта вялікія выпрабаванні, праз якія мы праходзім разам са слухачамі на канцэртах і сустрэчах. Мы слухаем шмат розных асабістых гісторый пасля канцэртаў. Яны вельмі кранальныя. У кожнага свой вялізны свет, мы яго паважаем. Вялікі дзякуй усім, што побач з намі. Усіх са святам.
Ксенія: Кахайце адзін аднаго.